Суть профсоюза – в солидарности. Интервью с председателем Кореличского районного объединения профсоюзов Натальей Высоцкой

Для прафсаюзаў Першамай — гэта свайго роду кантрольная кропка, калі можна азірнуцца і прааналізаваць вынікі працы за год, а таксама вызначыць напрамкі дзейнасці на наступны перыяд. Напярэдадні Свята вясны і працы мы пагутарылі са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталляй Высоцкай.

— Наталля Мікалаеўна, чым жывуць прафсаюзы Карэліччыны сёння?

— У 2024 годзе прафсаюзнаму руху нашай краіны спаўняецца 120 гадоў. Гэта знакавая дата, якая яшчэ раз пацвярджае, што прафсаюзы — гэта тая арганізацыя, якая неабходна людзям у любыя часы і наша задача — захаваць і ўмацаваць дасягнутыя пазіцыі, каб аўтарытэт, значнасць і сіла прафсаюза па-ранейшаму заставаліся запатрабаванымі ў грамадстве. Каб інтарэсы людзей былі ўлічаныя ў поўнай меры, а працоўныя ведалі, што прафсаюз — гэта іх абарона, падтрымка і апора!

— Якімі лічбамі можна ахарактарызаваць прафсаюзны рух у нашым раёне?

— Прафсаюзы Карэліцкага раёна аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах больш за 6000 чалавек. Гэта 82 пярвічная і 4 раённыя галіновыя прафсаюзныя арганізацыі, якія прадстаўляюць 11 галін прафсаюзаў. Ахоп прафсаюзным членствам сярод працуючых складае 97,2%. У нашым раёне паспяхова працуе сістэма сацыяльнага партнёрства. Заключана і дзейнічае пагадненне паміж райвыканкамам, раённай арганізацыяй наймальнікаў і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на 2021-2024 гады. Таксама заключаны і дзейнічаюць чатыры тарыфныя пагадненні: тры галіновыя і адно раённае, 74 калектыўныя дагаворы. Менавіта гэты дакумент закранае ўсе сферы жыцця любога калектыву і інтарэсы кожнага работніка.

— Сярод задач, якія заўсёды на асаблівым кантролі ў прафсаюзаў, — ахова працы. Як складваецца сітуацыя ў гэтым пытанні?

— У нашым раёне грамадскі кантроль з боку прафсаюзаў ажыццяўляе каля 176 грамадскіх інспектараў па ахове працы. Планамерна праводзіць работу грамадская камісія па ахове працы раённага аб’яднання прафсаюзаў. Пры наведванні арганізацый аказваем дапамогу прафсаюзнаму актыву і сацыяльным партнёрам — кіраўнікам прадпрыемстваў — у арганізацыі работы па папярэджанні вытворчага траўматызму і прафесійнага захворвання, выключэнню небяспечных фактараў, якія ўплываюць на здароўе работнікаў і іх бяспечныя ўмовы працы.

— Кожны месяц праводзіцца прафсаюзны прававы прыём. Раскажыце больш падрабязна аб разглядзе зваротаў грамадзян і аказанні ім практычнай дапамогі.

— У нашым раёне адпрацавана і актыўна ўжываецца практыка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па правядзенні штомесяц прафсаюзнага прыёму грамадзян прававымі інспектарамі працы, на якім члены прафсаюза і ўсе жадаючыя могуць атрымаць кваліфікаваную дапамогу прафсаюзнага юрыста па пытаннях працоўных і звязаных з імі праваадносін.

— Раскажыце пра работу, якая праводзіцца з дзецьмі.

— У летні перыяд прафарганізацыі выдзяляюць сродкі на патанненне пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. У рамках пастаянна дзеючай акцыі «Прафсаюзы — дзецям» пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі і раённыя камітэты галіновых прафсаюзаў раёна аказалі дапамогу па падрыхтоўцы дзяцей да новага 2023/2024 навучальнага года. Пры правядзенні навагодніх і калядных святаў у рамках той жа акцыі за кошт сродкаў прафсаюзных арганізацый закупляюць падарункі, праводзяць ранішнікі і экскурсійныя паездкі.

— Што б Вы хацелі пажадаць працаўнікам і іх сем’ям на свята Першамая?

— Стваральнай працы, калектыўнай згуртаванасці і яднання. Каб кожны займаўся любімай справай, якая прыносіла б задавальненне і павагу калег. Усім — шчасця, здароўя, дабрабыту, дабра, заўсёды толькі мірнага неба над галавой!

Сяргей СТОЛЯР

Фота Іны ЛЕЙКІ