Профсоюзы Кореличчины присоединились к республиканской акции “Беларусь помнит. Помним каждого”

Адзін з маршрутаў патрыятычнай аўтаакцыі “Гваздзіка” пралёг праз красненскую зямлю. Па ім накіраваліся старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка, актывіст Маладзёжнага савета раённага аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Ненартовіч і старшыня Красненскага сельсавета Тамара Лейка. Усклаўшы жывыя кветкі да помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Краснае і вёсках Тударава, Горная Рута, Пагор’е ўдзельнікі аўтаакцыі аддалі даніну павагі землякам, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

-Ці знойдзецца ў нашай краіне сям’я, якую б не закранулі страшэнныя падзеі вайны? Наўрад ці. У Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці беларус. І мы павінны памятаць аб гэтым, – адзначыла Лідзія Шэўка. – Штогод прафсаюзы прымаюць актыўны ўдзел у віншавальных мерапрыемствах і патрыятычных акцыях, прысвечаных святкаванню Вялікай Перамогі. Не так даўно ўручылі юбілейныя медалі ветэранам вайны і былым вязням, выказалі ім словы падзякі за мірнае жыццё і павіншавалі з Днём Перамогі. Я ўпэўнена, што кожнаму з іх была прыемна такая ўвага.

Па словах Тамары Лейка, на тэрыторыі Красненскага сельсавета знаходзяцца пяць помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны і дзве брацкія магілы.

-Напярэдадні Дня Перамогі абавязкова праводзім касметычны рамонт помнікаў і добраўпарадкоўваем тэрыторыі вакол іх. Фінансавымі сродкамі дапамагае праўленне СВК “Маяк-Заполле”, – расказвае старшыня сельсавета. – Работнікі сельсавета, сельгаспрадпрыемства, мясцовыя жыхары ніколі не застаюцца ў баку ад вялікай справы захавання нашай агульнай гісторыі.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара