Как профсоюзы Кореличчины поддерживают земляков?

Ужо не першы месяц, як прафсаюзнымі арганізацыямі нашай краіны ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй уведзены дадатковыя механізмы падтрымкі. Не засталіся ў баку ад добрых спраў і на Карэліччыне. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка адзначыла значны ўклад нашых людзей у агульную справу барацьбы з пандэміяй.

– Першым маштабным крокам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў мэтах падтрымкі людзей і арганізацый у гэты няпросты час стала стварэнне кас узаемадапамогі. Прафсаюзы ўсіх узроўняў, уключаючы пярвічкі, адмовіліся ад не першаступенных расходаў, а сэканомленыя грошы накіравалі на дапамогу ветэранам працы, медыкам і тым, хто зараз асабліва патрабуе ўвагі і клопату. Так і на Карэліччыне кожная пярвічка пералічвае ў касу ўзаемадапамогі раённага аб’яднання прафсаюзаў 2% ад членскіх узносаў. Далей дастаткова хадайніцтва, каб закумуляваныя на агульным рахунку сродкі пайшлі на падтрымку, напрыклад, работнікаў пэўнай установы. Такім чынам дапамогу ад раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымаў Жухавіцкі Дом-інтэрнат, дзе былі патрэбныя спецыяльныя ахоўныя касцюмы і шчыткі. Зараз мы працуем над тым, каб у Карэліцкі раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паступіла неабходная колькасць рэспіратараў. Апроч таго, кожны член прафсаюза з асабістых сродкаў можа пералічыць грошы на дабрачынны рахунак, адкрыты пры Беларускім прафсаюзе работнікаў аховы здароўя. Таксама зараз мы знаходзімся на пастаяннай сувязі з Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцай. У прыватнасці, райкам прафсаюза работнікаў АПК ужо не раз з дабрачыннай дапамогай наведваў нашых медыкаў. Надалей мы працягнем працу ў гэтым накірунку, каб сумеснымі сіламі як мага лягчэй перажыць такі няпросты для кожнага з нас перыяд.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ