Председатель Гродненской областной профсоюзной организации Белорусского профсоюза работников АПК Ромуальд Юровский вручил награды кореличским спортсменам

З 30 верасня па 2 кастрычніка 2020 года ў г. Пінску на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшла рэспубліканская галіновая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу. Удзел у ёй прынялі 7 камандаў, у склад якіх увайшлі каля 300 спартсменаў з розных абласцей рэспублікі. Гонар Гродзеншчыны абаранялі прадстаўнікі з розных раёнаў вобласці, у тым ліку і Карэліцкага раёна.
Спартыўнымі сімваламі Карэліччыны можна па праве назваць тройку пераможцаў сёлетняй спартакіяды – Аляксандра і Святлану Рамановічаў, якія працуюць у СВК “Жухавічы”, і Аляксандра Чужаўку з СВК “Маяк-Заполле”. Так, Святлана Рамановіч заняла трэцяе месца ў эстафеце па лёгкай атлетыцы. Аляксандр Рамановіч стаў другім ў індывідуальным выступленні на спаборніцтвах … і трэцім у легкаатлетычнай эстафеце. Абсалютным чэмпіёнам сельскай спартакіяды ў гіравым спорце стаў Аляксандр Чужаўка. Па выніках спабоніцтваў каманда Гродзенскай вобласці заняла пятае агульнакаманднае месца.
Выдатна выступіўшы і заваяваўшы прызавыя месцы, карэліцкія спартсмены на жаль не змаглі прысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання. Аднак заваяваныя ўзнагароды ўсё ж такі знайшлі сваіх герояў. У канцы мінулага тыдня з прыемнай місіяй павіншаваць спартсменаў, выказаць ім шчырыя словы падзякі і ўручыць медалі, дыпломы і грашовыя прэмія Карэліччыну наведаў старшыня Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Рамуальд Юроўскі.

– Сёлета мы жывём і працуем у няпростых умовах. Пандэмія дыктуе свае ўмовы. Гэта датычыцца і правядзення спартыўных спаборніцтваў, – адзначыў Рамуальд Юроўскі, віншуючы жухавіцкіх легкаатлетаў. – Да апошняга не была дакладна вызначана дата спартакіяды. Зразумела, многім спартсменам не хапіла часу, каб якасна падрыхтавацца. Сёлета каманда Гродзенскай вобласці заняла пятае агульнакаманднае месца. На мой погляд, гэта далёка не мяжа. У спартсменаў Гродзеншчыны, якія заняты ў галіне сельскай гаспадаркі, – высокі патэнцыял. Таму ў наступным годзе будзем імкнуцца палепшыць дасягнутыя вынікі.
Трымаючы ў руках заслужаныя ўзнагароды, Аляксандр і Святлана Рамановічы падзяліліся ўражаннямі.
– Падчас выступлення на спартыўных спаборніцтвах важнымі з’яўляюцца як фізічная падрыхтоўка, так і маральны настрой. Сёлета спартакіяда праходзіла ў Пінску. Адпаведна з дому мы вымушаны былі выехаць зарання, у 4 гадзіны раніцы, каб своечасова дабрацца. Да таго ж у нас было мала часу, каб падрыхтавацца. Аднак гэта не Тым не менш, спорт заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці.
На спартакіядзе сціплы і непрыкметны на першы погляд карэліцкі гіравік Аляксандр Чужаўка скарыў журы воляй да перамогі і знешнім спакоем.

– Безумоўна, падчас спаборніцтваў я хваляваўся і адчуваў вялікую адказнасць, бо прадстаўляў наш раён на рэспубліцы, – адзначае спартсмен. – Аднак знешне імкнуўся не паказваць сваё хваляванне. У гэтым мне добра дапамог набыты раней вопыт. Увогуле спортам займаюся са школьных гадоў: спачатку лёгкай атлетыкай, затым гіравым спортам. Штогод прадстаўляю Карэліччыну на сельскіх спартакіядах. Трэба адзначыць, што канкурэнцыя з году ў год расце. Калі летась, каб заваяваць першае месца, трэба было падняць гіру вагой 24 кг 160 разоў, то сёлета – ужо 190 разоў. Які мой асабісты рэкорд? Дакладна не скажу, але больш двухсот разоў гіру падымаю.
– Як удаецца трымаць сябе ў добрай фізічнай форме? – пытаюся ў карэліцкага рэкардсмена.
– Я ж у вёсцы жыву, дзе фізічнай работы заўсёды дастаткова. Да таго ж на стройцы працуе, дзе часам кувалдай памахаць даводзіцца. Таму ніякія трэнажорныя залы мне не патрэбны. Карыстаючыся момантам, хочацца выказаць словы падзякі старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыне Пянькоўскай, намесніку старшыні СВК “Маяк-Заполле” па ідэалагічнай рабоце Вользе Грыгаровіч, вадзіцелю райкама Анатолію Карчэўскаму за добразычлівасць і чулыя адносіны. Гэта тыя людзі, якія заўсёды падтрымаюць і прыйдуць на дапамогу.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара